О́БАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ («Юныя мсціўцы») у Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з пач. 1942 да жн. 1943 у Сіроцінскім р-не Віцебскай вобл. Створана па ініцыятыве Сіроцінскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ з моладзі пас. Обаль, вёсак Зуі, Масцішча, Ушалы і Ферма. Мела 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую і Ушальскую (каля 40 чал.). Узначальваў падполле камсам. к-т (сакратар Е.С.Зянькова). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, разведданыя пра размяшчэнне варожых войск, рух эшалонаў, забяспечвалі партыз. разведчыкаў дакументамі, учынілі 21 дыверсію (спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, эшалон з боепрыпасамі і інш.). У 1942—43 гітлераўцы арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі амаль усё кіраўніцтва арг-цыі і многіх падпольшчыкаў; пазбегшыя арышту пайшлі ў партызаны. Зяньковай і З.М.Партновай прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У гонар арг-цыі ў Обалі пастаўлены помнік, створаны Обальскага камсамольскага падполля музей.
Р.А.Чарнаглазава.
т. 11, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)